Кітайскія праекты ў Беларусі – ці спраўдзіліся чаканні Мінску?
Кітайскія праекты ў Беларусі—ці спраўдзіліся чаканні Мінску?
Хаця знешнюю палітыку Беларусі традыцыйна прынята лічыць прарасійскай, у самой Беларусі стараюцца выкарыстоўваць слова “шматвектарнасць”. Шматвектарнасць стала кодавым словам, якое і праўда ўдала апісвае хаатычныя знешнепалітычныя метанні Беларусі за апошнія 10-15 гадоў. Аляксандра Лукашэнку і ягоную каманду можна зразумець. Партнерства з Расіяй шмат у чым сябе вычарпала (крэдытаў даюць менш). Больш шчыльная супраца з ЕС таксама пакуль немагчыма пры існай форме эканамічнага і палітычнага ладу плюс апошняе дзесяцігоддзе наогул прайшло пад знакам санкцый. Менавіта таму сяброўства з такімі краінамі як Кітай, Індыя, Куба, Венесуэла, Азербайджан, Іран, В’етнам пастаянна замацоўваецца шматлікімі дамовамі аб супрацы і ўзаемнымі візітамі прэзідэнтаў. І канешне Кітай у гэтым шэрагу краіна нумар 1.
Збліжэнне КНР і Беларусі пачалася не без актыўнага ўдзелу тагачаснага беларускага амбасадара ў Кітаі Анатоля Тозіка (2006-2010). Уражаны масштабамі і поспехам кітайскіх тэхнапаркаў, амбасадар стаў актыўна лабіраваць пашырэнне эканамічнай супрацы паміж дзяржавамі. А канкрэтней выдзяленне льготных крэдытаў. Тозік аказаўся ўдалым лабістам, і ўжо ў 2009 годзе Экспарта-імпартны банк Кітая (Эксімбанк) адкрыў для беларускага ўраду першую крэдытную лінію на падтрымку інвестпраектаў на сумму 5, 7 мільярдаў даляраў ЗША. Пасля вяртання ў Беларусь і прызначэння віцэ-прэм’ерам, Тозік развіў поспех і ў 2010-2011 годзе крэдытная лінія была пашырана. Спачатку Дзяржаўным банкам развіцця Кітая на сумму 8,3 мільярды даляраў, пасля двумя асобнымі крэдытнымі лініямі кітайскага ўраду (зноў праз Эксімбанк) на агульную сумму 2 мільярд. Такім чынам, толькі за 2009-2011 гг. кітайскія банкі і ўрад адкрылі лініі льготнага крэдытавання Беларусі на агульную сумму 16 мільярдаў.
На гэтым, праўда, вялікія поспехі і скончыліся і за апошнія 5 год толькі невялікая частка гэтых грошай была выкарыстана. Прычын таму некалькі.
Па-першае, у адрозненне ад ужо звыклай мадэлі крэдытавання з Расіі (калі грошы выдзяляліся проста на падтрыманне эканомікі), кітайскія крэдыты выдаюцца толькі пад канкрэтныя праекты і, як правіла, “звязаныя”, то бок утрымліваюць шэраг абавязковых умоваў (напрыклад, абавязальніцтва працаваць з кітайскімі пастаўшчыкамі, тэхналогіямі, і г.д.).
Па-другое, у 2010 годзе беларускія прадпрыемствы, на той час у сваёй большасці не знаёмыя з міжнароднымі стандартамі фінансавай справаздачнасці, нават пры наяўнасці канрэтнай заяўкі на крэдыт, былі вымушаны працаваць праз дзяржаўныя банкі. Якія ў сваю чаргу, пры афармленні крэдытаў на сябе, не маглі перавышаць усталяваны дзяржавай ліміт замежных крэдатаў.
Па-трэцяе, кітайскія партнэры маментальна пачалі скардзіцца на дрэнны бізнэс-клімат. Негатоўнасць беларускіх дырэктароў прымаць самастойныя рашэнні, слабое веданне англійскай мовы, негатыўнае стаўленне да кітайскіх тэхналогіяў адмоўна адбіваліся на супрацы.
У выніку за 2010 год чыстых кітайскіх інвестыцый у Беларусь дайшло толькі 28, 5 мільёнаў. А напрыканцы 2011 года па крэдытнай лініі кітайскага ўраду бакі маглі пахваліцца толькі трыма ўзгодненнымі праектамі (2 на рэканструкцыі электрастанцый, 1 на рэканструкцыю нацыянальнага аэрапарту).
Адной са спробаў фарсіраваць супрацу было стварэнне Кітайска-Беларускага тэхнапарку пад Мінскам у 2011 годзе. Тэхнапарк адразу быў заяўлены як ўнікальны праект пад асабістай увагай Лукашэнкі, таму нядзіўна, што пад яго было выдзелена 8 000 гектараў зямлі паміж сталіцай і аэрапортам “Мінск-2”. Зямля не была нічыйная, частка адносілася да ахоўваемых тэрыторый, частка належала дробным прыватным уладальнікам. Тым не менш асобным указам прэзідэнта праблема была вырашана. Гэтак жа паступілі і з адміністраваннем парку. Па кітайскаму ўзору ўводзіўся прынцып “аднаго акна” для інвестараў, а сам парк фактычны стаў новым адміністратыўным рэгіёнам Беларусі. Рэзідэнты парка атрымлівалі неімаверныя для Беларусі ўмовы падаткаабкладання па формуле “10+10”: пазбаўленне ад ўсіх карпаратыўных падаткаў (у тым ліку на прыбытак) на 10 год і зніжэнне падаткавых тарыфаў на 50 % на наступныя 10 год, адмена мытных пошлін і НДВ на сыравіну і прадукцыю парку, грунтоўныя падаткавыя ільготы для замежнай працоўнай сілы і г.д. Усё гэта мелася прыцягнуць ў рэгіён звышсучасную інавацыйную прамысловасць, на далейшым экспарце якой Лукашэнка разлічваў зарабляць да 50 мільярдаў даляраў штогод.
Але і гэты праект буксуе па ўсіх напрамках. Адсутнасць гатовай інфраструктуры, забюракрытазаванасць працэдур у Беларусі і ізноў жа human factor прывялі да таго, што кітайскі бок змушаны ўносіць карэкціроўкі. Фактычна зараз асвойваецца толькі менш за 1000 гектараў, план меркаванай працоўнай сілы скарочаны з 600 тысяч да 170 тысяч, плюс па выніках не самага прыязнага стаўлення мясцовага насельніцтва да прыезджых, акцэнт пачынае рабіцца на мясцовых кадрах. Прыцягненне рэзідэнтаў у парк таксама кульгае. Дакладны іх спіс яшчэ ніколі не быў абвешчаны. Вядома, што гэта каля 7-10 беларускіх, расійскіх і кітайскіх кампаній, плюс каля 20 зацікаўленых карпарацый. Тым не менш гэта і блізка не дасе той аб’ём прамысловасці, на які разлічваў Лукашэнка. У выніку за праваленую працу некалькі месяцаў таму быў звольнены беларускі кіраўнік праекту.
На гэтым фоне, здавалася б, выгодна выглядаюць такія менш пафасныя, але ужо рэалізаваныя мэтавыя праекты як мадэрнізацыя цэментнай галіны (укладзена каля 1,2 мільярда, рэалізаван цалкам) ці будаўніцтва завода бялёнай цэлюлозы (860 мільёнаў, заяўлены канец праекта ў гэтым годзе). Але жыццё і тут уносіць свае карэктывы. Напрыклад, пакуль за крэдытныя грошы інвестыцыі нарошчвалі выпуск цэменту, сітуацыя на рынку змянілася ў горшы бок, і зараз беларускі бок сутыкнуўся з праблемай збыту прадукцыі. Падобная сітуацыя чакаецца і з цэлюлознай прадукцыяй.
У такой сітуацыі становіцца зразумелай млявасць беларускіх дырэктароў, якіх Лукашэнка ўвесь час абвінавачвае ў марнаванні часу і невыкарыстанні крэдытных магчымасцяў Кітаю. Браць грошы на дзяржаўныя праекты на кітайскіх умовах і пад сваю персанальную адказнасць не так заманліва.
Беларускі ўрад нельга абвінавачваць у поўнай адсутнасці ініцыятывы і стратэгіі. Гэтак, яшчэ ў 2011 годзе будучы дарадца Лукашэнкі па эканоміцы Кірыл Руды як адзін з прыярытэтаў супрацы з Кітаем вызначыў пераход ад крэдытавання да інвеставання, бо самі па сабе кітайскія грошы без кітайскіх тэхналогіяў і саўладальнікаў не з’яўляцца штуршком для эканомікі, а толькі павялічваюць дзяржаўныя пазыкі. І той жа кітайска-беларускі тэхнапарк па сутнасці і быў такой спробай глыбокага прыцягнення кітайскага бізнэсу ў Беларусь.
Але ўжо праз 5 гадоў той жа Руды прызнае, што ягоныя надзеі не спраўдзіліся. Звязанныя крэдыты па ранейшаму перавышаюць наўпроставыя інвестыцыі, што ў сваю чаргу вядзе да адтоку валюты з краіны: “…за апошнія 5 год чысты адток валюты з Беларусі ў Кітай у сярэднем перавышаў 1 мільярд даляраў у год. З улікам перыяда вяртання кітайскіх крэдытаў гэтая сумма ў бліжэйшыя гады можа перавысіць 2 мільярды даляраў у год”. Па словах Рудога, за пяць год агульная сумма канрэтна “чыстых” інвестыцыйных грошай з Кітая склала толькі 100 мільёнаў даляраў. Усё астатняе—па-ранейшаму звязаныя крэдыты.
Тым не менш, па адной пазіцыі разлік Лукашэнкі па змяншэнню залежнасці ад Расіі усё ж такі спрацаваў. Размова ідзе аб вайскова-тэхнічнай супрацы, дзякуючы якой летам 2016 года ў Беларусі з’явілася свая ўласная рэактыўная сістэма залпавага агню “Паланэз”. Гэта дазволіла Лукашэнку больш не выпрошваць у Расіі сістэмы “Іскандэр”. А з улікам вялікага досведу Беларусі ў продажы зброі, можна не сумнявацца, што хутка ўзбраенне з’явіцца ў іншых краінах.