Нобель для Беларусі: цяжкае шчасце?
Мала проста ўзяць і атрымаць Нобелеўскую прэмію. Трэба яшчэ каб яе прынялі твае суайчыннікі.
Прыкладна так можна характэрызаваць жарсці, што кіпелі ў беларускім грамадстве апошнія некалькі месяцаў з таго моманту, як нобелеўскі камітэт па літаратуры абвесціў сваё рашэнне і назваў пісьменніцу Святлану Алексіевіч лаўрэаткай 2015 года.
У першую чаргу гэта стала зусім нечаканай (асабліва за некалькі дзен да прэзідэнцкіх выбараў) праблемай для ўладаў і персанальна для Аляксандра Лукашэнкі. Беларускі прэзідэнт здаўна варагуе з лепшымі беларускімі літаратарамі. Менавіта з-за гэтага напрыканцы 90-х і пачатку 2000-х у эміграцыю былі змушаны выехаць, напрыклад, такія пісьменікі як Васіль Быкаў і Уладзімір Някляеў. Святлана Алексіевіч таксама спазнала на сябе крытыку Лукашэнкі, пасля чаго і яна некалькі гадоў правяла ў эміграцыі.
Дзяржаўныя выдавецтвы не друкавалі творы Алексіевіч з 1993 года. У выніку, калі беларускія чытачы кінуліся ў кнігарні па кнігі, невялічкія наклады былі імгненна раскуплены.
Галоўным пытаннем было, аднак, ці заўважаць улады наогул з’яўленне ў краіне нобелеўскай лаўрэаткі.
Алексіевіч адразу ж паспелі павіншаваць і ўкраінскі прэзідэнт, і прадстаўнікі расійскай ўлады, таму зусім заставацца ў баку не выпадала. Першымі свае віншаванні даслалі з беларускага МЗС, пасля з міністэрства культуры. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў апошнім.
Тым не менш, калі да выбараў каментуючы сітуацыю з пісьменніцай Лукашэнка стрымана казаў пра прызнанне ейных заслугаў і неістотнасць для яго ейных апазіцыйных поглядаў, то ужо пасля выбараў, 24 кастрычніка, было сказана наступнае: “ не пасьпелі яшчэ яе атрымаць (Нобелеўскую прэмію–аўт.), выехалі за межы краіны і пастараліся цэбар бруду выліць на сваю краіну. Гэта няправільна, гэта не апазыцыйнасьць. Гэта абсалютна няправільна, таму што Радзіму, сваю зямлю, як і сваіх бацькоў, сваю маці не выбіраюць. Яна такая, якая яна ёсьць. Калі ты дрэнна кажаш пра Радзіму, саромеесься яе, значыць, ты, перш за ўсё дрэнны сын».
Сама Алексіевіч абвергла Лукашэнку і патлумачыла, што ейная крытыка тычыцца толькі палітычнай сітуацыі ў краіне.
Другая праблема выявілася з прыналежнасцю аўтаркі. Чыёй яе лічыць? Беларускай? Але ж піша яна па-руску, дый нарадзілася на Ўкраіне.
У чымсці вырашэнню сітуацыі дапамагло тое, што ўласна ўнутраныя расійскія літаратурныя асяродкі пабачылі ў рашэнні нобелеўскага камітэту выключна палітычную падаплёку, чарговую крытыку “рускага свету” і фактычна адмовіліся лічыць Алексіевіч рускай пісьменніцай, хай сабе ўсе яе творы напісаныя па-руску.
Тым не менш і ў Беларусі вялікі шэраг дзеячоў культуры не спяшаліся залічваць пісьменніцу ва ўласна беларускія пісьменнікі. Некаторыя да того ж нагадвалі пра ранейшыя не зусім прыязныя выказванні Алексіевіч аб літаратурным патэнцыяле беларускай мовы.
Апаненты ў сваю ж чаргу прыводзілі прыклады таго ж Франца Кафкі, якім ганарацца чэхі, хоць той і пісаў на нямецкай мове, а таксама ірландскіх і амерыканскіх англамоўных пісьменнікаў.
Да таго ж хоць Алексіевіч і казала, што вырасла на рускай культуры, у якасці сваіх настаўнікаў яна ж сама называе перадусім беларускіх пісьменнікаў Васіля Быкава і Алеся Адамовіча.
Можна сказаць, што гэтую праблему пісьменніца пачала вырашаць у першы ж дзень, як стала вядома пра ейнае лаўрэатства. З просьбай дапамагчы з прэсавай канферэнцыяй яна звярнулася ў рэдакцыю найстарэйшай беларускай і (што, пэўна, найбольш важна) беларускамоўнай газеты “Наша ніва”. Ужо гэта было ацэнена як намяненьне на выразную прабеларускасць наступных заяваў.
Пікам жэрсцяў сталіся 2 выступы пісьменніцы ў Стакгольме: т.зв. Нобелеўская лекцыя і прамова падчас банкету.
Ва ўмовах дзяржаўнай медыйнай блакады грамадская супольнасць у чарговы раз прадэманстравала вартую павагі самарганізаванасць. Актывісты і звычайныя грамадзяне збіралі подпісы і літаральна ўзялі ў аблогу чынавенства, патрабуючы трансляцыю дзяржаўнымі тэлеканаламі Нобелеўскай лекцыі і банкетнай прамовы. Як стала вядома акурат у гэты час, беларускаму бюджэту гэта амаль нічога б не каштавала.
Тым не менш, ўлады адмоўчвалася, а калі нешта казала, то гэта выклікала новую крытыку. Напрыклад, натуральным скандалам стала заява чыноўніцы міністэрства культуры, што Алексіевіч фармальна наогул не ёсць дзяячкай культуры, бо не мае дзяржаўных прэмій і ўзнагарод.
У выніку адразу некалькі прыватных кафэ і галерэя “У” арганізавалі свае паказы трансляцыі.
Але і на гэтым напружанне не зменшылася. Найбольшыя дыскусіі разгарэліся наконт зместа будучых выступаў Алексіевіч у Стакгольму. Сваю лекцыю Алексіевіч цалкам прысвяціла свайму галоўнаму герою– “чырвонаму чалавеку”, чалавеку з ідэйнымі каранямі з СССР, які нікуды не падзеўся, а хіба што наадварот, яшчэ і ўмацаваўся.
Добрая колькасць беларусаў, аднак, чакала іншай прамовы, мякка кажучы больш беларусацэнтрычнай. Бо калі ж яшчэ беларускай літаратуры выпадзе шанец выступаць з такой трыбуны. Вынік такіх абмеркаванняў сваеасабліва падсумавала “Еўрарадыё”, сатырычна “напісаўшы” для пісьменніцы на падставе крытыкі больш “беларускі” па сутнасці тэкст выступу.
Прымірыла беларусаў Алексіевіч у самы апошні момант, цалкам змяніўшы існуючы фармат банкетнай прамовы. Замест некалькіх пратакольных хвілінаў, якія меліся быць падзякай шведскаму каралю, пісьменніца прысвяціла выступ Беларусі, яе народу і скончыла выступ нават беларускай мовай.
Вяртанне Алексіевіч у Менск вярнула ўсё на свае месцы: у аэрапрату пісьменніцу сустрэла яшчэ больш людзей, чым праважала, а ўлады вырашылі, што гэтым разам дакладна лепш проста адмаўчацца.