Пенсійная рэформа – 2016: канец “левага” Лукашэнкі
25 сакавіка Аляксандр Лукашэнка абвесціў аб падвышэнні пенсійнага ўзросту ў Беларусі на 3 гады: з 60 гадоў да 63 для мужчын і з 55 да 58 гадоў для жанчын. Па словах Лукашэнкі, даследаванні грамадскага меркавання паказалі, што народ Беларусі збольшага разумее цяжкі стан эканомікі і, адпаведна, падтрымлівае вымушаныя меры:
«Мы вельмі акуратна вымяраем настрой грамадства. Павінен сказаць, што сёння ўжо цвёрдая большасць нашага насельніцтва згодная па павышэнні пенсійнага ўзросту. Я не кажу пра тое, падабаецца камусьці ці не падабаецца. Нават тыя, каму гэта не падабаецца, нарэшце, зразумелі, што рана ці позна мы гэтую праблему павінны вырашаць. І час вырашэння праблемы прыйшоў».
Цікава, што на вывучэнне грамадскага меркавання ўладам хапіла 4 месяцы: толькі ў снежні 2015 года Лукашэнка прызнаў праблему недахопа сродкаў у пенсійным фондзе і даручыў правесці кансультацыі з выбаршчыкамі. І вось ужо ў сакавіку сацыялогія была гатова. Заклікі апазіцыі правесці агульнанацыяльны рэферэндум улады вырашылі прапусціць міма.
Нельга сказаць, што балючая мера прымалася зусім без падрыхтоўкі. Яшчэ год таму міністр працы Марыяна Шчоткіна то публічна папярэджвала аб падвышэнні пенскійнага ўзросту, то адмаўлялася ад сваіх словаў. Тады супраць выступіў сам Лукашэнка. Але гэта было да прэзідэнцкіх выбараў. Пасля чарговай перамогі ўлады “ўдакладнілі”, што ўсё ж такі мера непазбежная.
Зрэшты, трэба прызнаць, і сам Лукашэнка, і чыноўнікі Міністэрства працы і да выбараў выкарыстоўвалі агаворку “але калі народ сам зразумее і папросіць, тады мы правядзем рэформу”. Адначасова праз дзяржаўныя СМІ транслявалася інфармацыя аб пенсійных узростах у суседніх краінах (праўда, увага акцэнтавалася больш на краінах ЕС, чым на Расіі і Украіне, дзе пенсійны ўзрост пакуль што не зменены). Міністр аховы здароўя Жарко наогул здзівіў заявай, што сярэдная працягласць жыцця вырасла на некалькі гадоў, што таксама непазбежна мае весці да падвышэння пенсійнага ўзросту.
Тым не менш праблема сёння шырэй, чым проста больш позні выхад на пенсі. Справа яшчэ і ў грунтоўных зменах пры налічэнні пенсійнага стажу, якія ўжо дзейнічаюць і без гучнага слова “рэформа”.
Напрыклад, вялікая колькасць людзей, што ў Савецкім саюзе паспела папрацаваць па-за межамі Беларускай ССР зараз маюць праблемы з пацверджанем свайго стажу. Беларуская дзяржава не адмаўляецца прызнаваць “савецкія” заслугі, аднак часта перакладае праблему запытаў дакументаў у былыя савецкія рэспублікі на саміх грамадзян. А пра такія савецкія рэчы як “паўночны стаж” ( у СССР праца ва ўмовах Крайняй Поўначы лічылася больш цяжкай і дазваляла выйсці на пенсію раней) наогул можна амаль забыцца. Існуюць таксама праблемы з улікам у стаж і часа, праведзенага ў войску падчас тэрміновай службы, а таксама з улікам дэкрэтных адпачынкаў. У выніку шматдзетныя маці, што па 6-9 год былі ў дэкрэтным адпачынку, сутыкаюцца з неабходнасцю тэрмінова дапрацаваць прабелы, каб атрымліваць не мінімальную пенсію.
Змены закрануць нават “сакральную карову”: вайскоўцаў і супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных справаў. Афіцэры гэтых ведамстваў пакуль што выходзяць на пенсію ў 45 год. Аднак Лукашэнка ўжо даў зразумець, што ў баку адседзецца ім не атрымаецца.
Аналітыкі звязваюць рэформу з патрабаваннямі МВФ. Аднак адзначаюць, што простае падвышэнне ўзросту без пашырэння прыватнага сектара накапляльных пенсіяў не вырашыць праблему, а толькі часова здыме напружанне. Прыватны сектар ужо існуе, аднак перанесці на яго частку адказнасці ўрад пакуль не гатовы і не плануе так рабіць.
Зрэшты, магчыма і гэтая мера будзе рэалізавана вельмі хутка. “Левая” рыторыка беларускіх ідэолагаў тым часам ужо істотна правее. Дзяржаўныя СМІ ужо паспелі апраўдаць непазбежны рост цэн на ЖКГ, і не выключана, што на чарзе скарачэнне бясплатнага дзяржаўнага мінімуму ў ахове здароўя. Тым больш што ў гэтым выпадку прапаганда вядзецца добрых 4 гады.