Санкцыі супраць Беларусі: як гэта было?
15 лютага міністры замежных справаў ЕС адмянілі большую частку санкцый супраць Беларусі. У сіле засталіся забарона на продаж зброі і на ўезд у ЕС для 4 былых сілавікоў. Навіна не стала адкрыццём—ужо больш за 3 месяцы санкцыі і так былі прыпыненыя. Беларускі МЗС і Аляксандр Лукашэнка віталі наладжванне стасункаў, а сама сітуацыя была названая пераломнай.
Тым не менш, калі ўважліва паглядзець на гісторыю дачыненняў ЕС і Лукашэнкі, гэтая нармалізацыя аказваецца далека не першай. Наогул можна казаць аб 6 эпізодах, калі супраць Беларусі ўводзіліся санкцыі з боку Еўропы.
1. Пасля рэферэндумаў 1995 і 1996 года Аляксандр Лукашэнка паводле свайго праекта канстытуцыі атрымлівае практычна неабмежаваныя паўнамоцтвы. Дадзены варыянт канстытуцыі атрымаў негатыўны водгук Венецыянскай камісіі. Восень 1996 года таксама адзначылася супрацьстаяннем апошняга легітымнага парламента—Вярхоўнага Савета 13 склікання і Лукашэнкі. У выніку развіцця падзей у 1997 годзе Савет Еўропы адклікае ў Беларусі статус “спецыяльнага госця”. Дадзеная мера, нягледзячы на пастаянныя высілкі афіцыйнага Менску, дзейнічае дапасюль. Галоўнай праблемай стасункаў паміж Саветам Еўропы і Беларуссю сёння застаецца смяротнае пакаранне і правядзенне свабодных выбараў. Трэцім пунктам было патрабаванне вызваліць палітвязняў, і гэта бадай што адзінае, што Мінск зрабіў за апошні год.
2. 1998 год—Аляксандр Лукашэнка высяляе амбасадараў еўрапейскіх краін і ЗША з рэзідэнцыяў у пасёлку “Дразды” пад Менскам. Амбасадар ЗША Даніэль Спэкхард абвінавачвае Беларусь у парушэнні Венскай канвенцыі. Са сваёй рэзідэнцыі адмаўляўся высяляцца нават тагачасны амбасадар Расіі.
Краіны ЕС уводзяць першыя ў гісторыі візавыя абмежаванні для беларускага ўраду. Гэты пакет санкцый пратрымаўся менш за год (9.07.1998-люты 1999).
3. У 2002 годзе Беларусь адмовілася працягваць візы для супрацоўнікаў Кансультатыўна-наглядальнай групы АБСЕ. У адказ 19.11.2002 г. усе краіны ЕС апроч Партугаліі зноў увялі візавыя абмежаванні для прадстаўнікоў беларускага ўраду. Гэты пакет таксама пратрымаўся нядоўга—пасля адкрыцця ў Менску офіса АБСЕ ў красавіку 2003 года санкцыі былі адмененыя.
4. У 2004 годзе ЕС і ЗША уводзяць чарговыя візавыя санкцыі. Гэтым разам супраць 4 беларускіх сілавікоў, што абвінавачваліся ў дачыненні да знікненняў палітычных апанентаў Лукашэнкі ў 1999-2000 гг. (канкрэтна супраць Уладзімера Наумава, Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова і Дзмітрыя Паўлючэнкі). Гэтыя людзі па-ранейшаму застаюцца ў чорным спісе ЕС.
Напрыканцы 2004, пасля канстытуцыйнага рэферэндуму, скасаваўшага абмежаванне колькасці тэрмінаў для прэзідэнта Беларусі, ў спіс трапілі таксама старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ермошына (за фальсіфікацыі) і камандзір палка міліцыі спецыяльнага прызначэння Юры Падабед (за рэпрэсіі супраць мітынгуючых). Абодва зараз могуць свабодна наведваць ЕС. Лідзія Ермошына скарысталася гэтай магчымасцю яшчэ восенню 2015 года ў перыяд часовага спынення акцыяў.
5. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года чорны спіс вырас да 41 чалавека, уключаючы самога Аляксандра Лукашэнку, а таксама суддзяў і пракурораў. Пакет дзейнічаў да канца 2008 года. Тады, пасля вызвалення палітычных вязняў санкцыі былі ўпершыню прыпыненыя (апроч 4 сілавікоў, што абвінавачваліся ў знікненні апанентаў рэжыму).
6. Прэзідэнцкія выбары 2010 года, нягледзячы на шматлікія паказчыкі палітычнай лібералізацыі, скончыліся жорсткім падаўленнем акцый пратэста і некалькімі дзясяткамі крымінальных справаў. Практычна ўсе супернікі Лукашэнкі ў той час паспелі пабываць за кратамі. У выніку ў студзені 2011 года ЕС аднавіў і пашырыў да 158 чалавек чорны спіс 2006 года, дадаўшы туды самога Лукашэнку і ягоных двух сыноў. Апроч візавых абмежаванняў замарожваліся банкаўскія рахункі дадзеных асобаў.
Пасля гэтага цягам года ЕС працягваў пашыраць санкцыі, агулам распаўсюдзіўшы іх 32 кампаніі, што належалі блізкім да беларускага прэзідэнта бізснэсоўцам, і на 227 асоб. Акрамя таго было забаронена перадаваць ці прадаваць у Беларусь тавары паліцэйскага прызначэння, якія маглі б быць выкарыстаны супраць мірных дэманстрантаў.
Нельга сказаць, што ўсе гэтыя санкцыі пратрымаліся да 15 лютага 2016 г. Некаторыя беларускія чыноўнікі, што пакінулі свае пасады, выкрэсліваліся са спісу. Больш за тое, шмат хто з гэтых асобаў неаднаразова наведвалі ЕС па службовых візах, нягледзячы на чорны спіс. Што ж тычыцца бізнэсоўцаў, то было вядома, што некаторыя з іх праводзілі фіктыўны продаж сваіх актываў у ЕС, каб пазбегнуць дзеяння санкцыі.
Эфектыўнасць санкцый ЕС часта ставілася пад сумнеў. Перадусім з-за таго, што яны доўга закраналі перадусім толькі візавыя пытанні, дазваляючы Беларусі свабодна супрацоўнічаць з ЕС па ўсіх напрамках. Тым не менш і гэта дазваляла дзяржаўным ідэолагам абвінавачваць апазіцыянераў у нанясенні шкоды ўсёй сваёй краіне, а не асобным чыноўнікам. Толькі апошняя хваля санкцый, пашыраная на фінансавыя актывы набліжаных да ўлады бізнэсоўцаў, у пэўнай ступені прымусіла Менск шукаць выйсця і пачаць лабіраваць свае інтарэсы.