Смяротнае пакаранне ў Беларусі – яшчэ адзін «тавар» для Еўропы.
Паводле штогадовага дакладу Amnesty International за 2015 год Беларусь па-ранейшаму застаецца апошняй краінай рэгіёну Еўропы і Цэнтральнай Азіі, што не адмовілася ад смяротнага пакарання. За 2015 год было вынесена 2 смяротных прысуда, 3 чалавекі чакалі пакарання (трэба разумець з папярэдняга году), але ніводны смяротны прысуд не быў выкананы.
Праўда, беларуская праваабарончая арганізацыя “Вясна” ставіць пад сумнеў дакладнасць інфармацыі ад AI, мяркуючы, што як мінімум адзін прысуд усё ж быў выкананы. Праблема тут у тым, што Рэспубліка Беларусь паведамляе пра здзяйсненне прысудаў толькі блізкім сваякам, афіцыйнай інфармацыі такога кшталту не распаўсюджваецца.
За першыя месяцы 2016 года таксама ўжо вядома пра 2 новых смяротных прысуды. Пасля аднаго з іх 12 красавіка служба знешніх дзеянняў ЕС у чарговы раз заклікала Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне. Афіцыйны Менск пакінуў заклік без увагі.
Тым не менш, нельга сказаць, што паміж Менскам і ЕС няма зрухаў па тэме смяротнага пакарання. Хутчэй наадварот. Відавочна, што пасля поўнай адмены санкцый беларускі МЗС намагаецца развіць поспех на Захадзе па ўсіх кірунках, што так доўна стагнавалі.
Напрыклад, 10 сакавіка гэтага года ў Менску адбылася сумесная канфэрэнцыя беларускага МЗС і ААН пад назвай “Смяротнае пакаранне: пераадоленне рознагалоссяў”. Разам з афіцыйнымі спікерамі асноўнымі дакладчыкамі выступілі і такія еўрапейскія палітыкі як Карэл Шварцэнберг, спецыяльны прадстаўнік ЕС па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс, прадстаўнік ПАСЕ Андрэа Рыгоні.
У той жа час аб сапраўды шырокай і шчырай дыскусіі казаць не выпадае, бо да ўдзелу не былі дапушчаныя прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі “Вясна”, што ўжо некалькі гадоў стала праводзіць кампанію супраць смяротнага пакарання. Афіцыйны прадстаўнік ААН у Беларусі патлумачыў гэта адсутнасцю ў “Вясны” рэгістрацыі ў Беларусі (Арганізацыя была пазбаўлена рэгістрацыі ў 2003 годзе пасля арганізацыі назірання на прэзідэнцкіх выбарах. Цікава, што супраць гэтага рашэння беларускіх ўладаў выступіў і Камітэт ААН). Рэальная прычына, хутчэй за ўсё, палягае ў нежаданні беларускіх уладаў дзяліць стол перамоваў з непадкантрольнымі праваабаронцамі. Акрамя таго па патрабаванню МЗС Беларусі з залі былі выдалены ўсе журналісты.
Галоўным спікерам ад уладаў быў Мікалай Самасейка, нязменны старшыня працоўнай групы беларускага парламенту па пытаннях смяротнага пакарання. Сам Самасейка дэкларуе сябе як праціўніка смяротнага пакарання. Аднак падчас канфэрэнцыі пазіцыю беларускай дзяржавы ён акрэсліў вельмі двухсэнсоўна:
«Пасля снежаньскіх падзей 2010 змянілася стаўленне Савета Еўропы да Рэспублікі Беларусь, былі ўведзеныя санкцыі. Усё гэта прывяло да таго, што пытанне мараторыя ці адмены смяротнага пакарання было замарожана. Нашыя партнёры ўжо зразумелі: беларускі менталітэт такі, што санкцыямі і дыктатам нічога не даможашся. Санкцыі адсоўваюць адмену смяротнага пакарання».
Такога цынізму не чакалі нават самі беларусы. Па словах праваабаронцы Міхаіла Мацкевіча гэта гучыць як: “Дайце нам што-небудзь, каб мы не растрэльвалі сваіх суграмадзян”.
Трэба адзначыць, Самасейка прадстаўляе яшчэ не самы кансерватыўны блок беларускай улады. Напрыклад, намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук лічыць, што Беларусі наогул не патрэбна адмена смяротнага пакарання, таму што ў параўнанні з 90-мі гадамі, калі штогод растрэльваліся дзесяткі людзей, цягам апошніх гадоў выносілася ад 2 да 4 прысудаў.
Галоўнае пытанне, аднак, якое сёння можна задаць, а ці добра разумеюць адзін аднаго Еўропа і Беларусь. Беларусь любіць казаць аб жаданні ўзнавіць статус запрошанага ў Савеце Еўропы, аднак наўрад ці сапраўды хоча ўвайсці ў гэтую арганізацыю. Перадусім, гэта будзе азначаць магчымасць беларускіх грамадзян судзіцца са сваёй дзяржавай у Страсбурзе. Відавочна, што Менск не захоча губляць такую манаполію.