Што чакае тэлеканал “Белсат”
Доўгі век аўтарытарызма прымусіў беларускую грамадзянскую супольнасць ствараць сваю ўласную міні-інфраструктуру. За межамі Беларусі, але накіраваную на насельніцтва ўнутры Беларусі.
Менавіта так у Вільні аднавіў сваю дзейнасць ліквідаваны беларускімі ўладамі Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Такім жа праектам стаўся ў свой час і спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”, створаны польскай уладай у 2007 годзе для падтрымкі і прасоўвання дэмакратыі. Праект меўся стацца сур’ёзнай канкурэнцыяй дзяржым телеканалам і адразу ж стаў аб’ектам нападкаў беларускай ўлады. Тым не менш, польскі МЗС увесь час бараніў інтарэсы свайго праекту і ніколі не пагаджаўся хоць на нейкія саступкі па гэтым пытанні.
Аднак у 2015 годзе, пасля прыходу да ўлады партыі PiS, польская ўсходняя палітыка пачала выразна змяняцца. І асцярогі наконт лёсу тэлеканалу “Белсат” раслі прапарцыйна паляпшэнню стасункаў афіцыйнага Менску і польскага ўраду цягам 2016 году. Ужо ўвосень мінулага году, заклапочаная небывала цёплай рыторыкай PiS на адрас Лукашэнкі, беларускія колы ў Варшаве неднаразова задавалася пытаннем аб верогодным згортванні польскіх праектаў па дапамозе беларускай грамадзянскай супольнасці. У адказ гучалі запэўненні ў беспадстаўнасці такіх страхаў. Напрыклад, дэпутат PiS Міхал Дворчык асабіста абяцаў захаванне падтрымкі такім праектам як “Белсат” ці Радыё Рацыя. І хоць на гэты час ужо былі відавочныя праблемы з іншым вядомым праектам (праграммай імя Каліноўскага, якая 10 гадоў дазваляла рэпрэсаванй беларускай моладзі працягнуць вучобу ў польскіх ВНУ), усё ж такі нават скептыкі памяталі, што ствараўся Белстат акурат пры падтрымцы тагачаснага ўраду PiS.
Тым не менш, ужо літаральна праз пару тыдняў, у снежні 2016 г. польскія СМІ інфармавалі аб магчымым “рэфармаванні” Белсату. Адзін з папярэдніх планаў прадугледжваў грунтоўнае скарачэнне фінансавання тэлеканала на две траціны, пераход на рускую мову і паглыбленне барацьбы з рускай прапагандай. Другі варыянт азначаў ліквідацыю “Белсата” як асобнага тэлеканала і далучэнне ягонай рэдакцыі да тэлеканалу Polonia. Які, у сваю чаргу паводле планаў міністра Вашчыкоўскага, меўся па-польску і для палякаў на Беларусі. Прынцыповай розніцай апроч мовы было б таксама дапушчэнне Polonia ў беларускія кабельныя сеткі. На думку міністра, ужо проста той факт, што беларусы змогуць пабачыць на свае вочы нармалёвае штодзённае жыццё палякаў, будзе карысней апазіцыйнай рыторыкі “Белсату”. Праўда, беларускі МЗС і дагэтуль не спяшаецца пацвердзіць абгрунтаванасць такіх надзей міністра Вашчыкоўскага. Але больш за ўсё праціўнікаў Вашчыкоўскага абурыла ягоная пазіцыя па моўнаму аспекту TVP —беларусы не ведаюць польскай мовы? Дык вывучаць—адказаў міністр.
Абодва прапанаваныя варыянты значылі ліквідацыю “Белсата”, перадусім як адзінага беларускамоўнага і незалежнага телеканала.
Наступных некалькі тыдняў снежня і пачатку студзеня каманда “Белсата”, відавочна не згодная з такім рэфармаваннем, прысвяціла кампаніі за сваё захаванне вядомай у Беларусі пад хэштэгам #Белсатжыві. Акцэнт ставіўся на наступным. Так, “Белсат” не можа пахваліцца рэйтынгамі іншых тэлеканаў. Але кожны рэпартаж “Белсата” па балючых сацыяльных і палітычных пытаннях у Беларусі заўсёды меў водгук. Перадусім ад свайго “галоўнага” гледача—беларускай улады, якая імгненна рэагавала на пастаўленныя пытанні, хай сабе і адмаўляючы ролю “Белсат”. Менавіта такая праца дазволіла тэлеканалу стацца сапраўдным голасам звычаных беларусаў у правінцыі. Якія хоць часта і не маглі паглядзець яго самі, бо не мелі спадарожнікавую талерку, але праз яго дасылалі сігнал уладам. Другім, што залічваў сабе ў плюс Белсат, была паспяховая барацьба з рускай прапагандай: пачынаючы ад асвятлення падзей на майдане і вайной на Данбасе і скончваючы ўнутрыбеларускімі пытаннямі. Праўда, за гэта і сам “Белсат” часта папракалі ў прапагандзізме, хай сабе і антыкрамлёўскім.
Здавалася б кампанія дала плён, бо ўжо на пачатку гэтага году кіраўнічка Белсату Агнешка Рамашэўская пахвалілася абяцанкам прэм’еркі Беаты Шыдло захаваць канал: ” Спадарыня прэм’ер запэўніла мяне, што «Белсату» нічога не пагражае”. Цягам бліжэйшага месяца будзем вызначаць з МЗС далейшыя прынцыпы супрацы». 12 студзеня кіраўнік польскага Сенату Станіслаў Карчэўскі (Stanisław Karczewski) таксама заявіў, што будуць прынятыя меры, якія дазволяць прафінансаваць дзейнасць «Белсату» «паводле ранейшых варункаў».
Але радасць ад перамогі не была доўгай. Напрыканцы студзеня дзяржаўны сакратар польскага МЗС Марэк Зюлкоўскі апублікаваў праграмны артыкул, прысвечаны ўсходняй польскай палітыцы. Апісваючы планы на супрацу з Беларуссю, дыпламат абвесціў, што Польшча абірае прагматызм. І таму польскі МЗС выходзіць з ліку сузаснавальнікаў Белсату.
Што чакае Белсат сёння?
Па словах Агнешкі Рамашэшскай, як мінімум бліжэйшыя паўгады, а можа і да канца 2017 г.Белсат працягне атрымліваць фінансаванне польскага МЗС, таму што так прадугледжвае дамова. Далей але пытанне фінансаў застаецца адкрытым. Юрыдычна Белсат застаецца працаваць у рамках грамадскага польскага тэлебачання TVP. Аднак асноўным польскім донарам было менавіта МЗС. Для другога заснавальніка, польскага тэлебачання TVP, “Белсат” ніколі не быў “любімым дзіцём”. Па словах самой Рамашэшскай “Белсат—гэта канал, у якога заўсёды былі вялікія цяжкасці ў TVP. Ня многія кіраўнікі TVP сапраўды падтрымлівалі нашу дзейнасць….Яны былі мала зацікаўленыя нашай ініцыятывай (добра, калі не заміналі), а мы спраўляліся самі”. Але нават калі б TVP і хацеў падтрымаць Белсат, пасля рэформаў партыі PiS назваць яго незалежным ад улады не выпадае.
Спадарыня Рамашэўская, відавочна, пакуль не пакідае надзей атрымаць фінансаванне і на 2018 і захаваць для Белсату статус спадарожнікавага тэлебачання. Тым не менш, пакуль што няма падстаў падзяляць яе аптымізм.