Што можна фатаграфаваць у Беларусі?
Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі нечакана зацікавілася фатографамі-аматарамі. Гэтак, паводле распараджэння намесніка міністра Мяльнічэнка ад 25.02.2015, міліцыянтаў абавязалі звяртаць падвышаную увагу на любога, хто здымае адміністратыўныя будынкі. Кожная такая асоба, адпаведна, мусіць быць затрымана і дастаўлена ў пастарунак, тэхніка быць праверана, і цягам 3 гадзін выніковая інфармацыя аб “здарэнні” мусіць перадавацца непасрэднаму кіраўніцтву.
Па словах самой міліцыі, мера накіравана выключна на забеспячэнне бяспекі ў краіне і прадухіленне магчымых пагрозаў разнага характару: ад правакацый да тэрарыстычных актаў.
Падставай для распараджэння сталася затрыманне 23 лютага ў горадзе Лоеў Гомельскай вобласці грамадзяніна Расіі Аляксея Калеснічэнка, які здымаў на прафесійную фотакамеру будынкі мясцовай міліцыі і ваенкамата. Як пасля высвятлілася, Калеснічэнка зрабіў здымкі практычна ўсіх будоваў дзяржаўнага кіравання ў горадзе і вакзала. Цэлы дзень расіяніна дапытвалі ў мясцовым КДБ і міліцыі, пасля чаго па звычайнай схеме асудзілі на 10 сутак нібыта за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы.
Немагчыма не звярнуць увагу на хуткасць прыняцця рашэння. Літаральна за суткі інфармацыю з аддаленага райцэнтру паспелі апрацаваць і прыняць рашэнне на ўзроўні намесніка міністра. Паводле некаторых каментатараў, захады міністэрства можна патлумачыць апошнім «трэндам» беларускіх сілавікоў на прэвентыўную барацьбу з любой пагрозай магчымых «зялёных чалавечкаў». Гэтак, ужо былі прынятыя адпаведныя папраўкі ў закон аб вайсковым становішчы, праведзены тэрміновыя праверкі рэзерву ўзброеных сілаў.
Тым не менш, пакуль што ад такой пільнасці міліцыі пакутуюць перадусім самі беларусы. Яшчэ 26 лютага быў затрыманы фатограф Дзмітры Ласько, што фатаграфаваў новую падсветку будынка Акадэміі навук. Пасля адбыўся цэлы шэраг падобных затрыманняў турыстаў і журналістаў, што, зразумела, выклікала цікаўнасць СМІ. У выніку міністэрства ўнутраных справаў вымушана была растлумачыць паводзіны сваіх супрацоўнікаў і пацвердзіць факт існавання распараджэння.
Меркаванні грамадскасці наконт незаконных затрыманняў раздзяліліся. Частка лічыць, што з улікам падзей ва Ўкраіне, мера цалкам апраўданая. Менавіта такога кшталту будынкі былі захоплены падрыхтаванымі прарасійскімі групамі на ўсходзе Украіні на самым пачатку Данбаскага крызісу.
На думку ж праваабаронцаў забарона здымаць будынкі, гэтак як і затрыманне грамадзян на гэтае падставе—незаконныя.
“Любая забарона, як і абмежаванне правоў і свабодаў, павінна быць замацаваная ў заканадаўчым акце, які мае законную сілу і распаўсюджвае дзеянне на тое ці іншае кола суб’ектаў. Гэта забарона можа быць усталявана толькі для дасягнення вызначаных мэтаў: у абарону нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў”, – адзначае Павел Сапелка, былы адвакат, шмат разоў бараніўшы ў судзе палітычна рэпрэсаваных.
Пакуль што але беларускай дзяржаве зручней рэагаваць на пагрозы у фармаце унутраных докумантаў міністэрства, якія аднак фактычна становяцца абавязковымі і для шэраговых абывацеляў без законнае на тое падставы.