Каго прапануе выбаршчыку беларуская апазіцыя
На старт электаральнага сезона 2015 беларуская апазіцыя прыйшла некалькімі калонамі і з шэрагам прынцыповых пытанняў, без вырашэння якіх не выпадала казаць хоць пра ўмоўную еднасць.
Першае пытанне –“ Ці маральна ўдзельнічаць у выбарах, пакуль за кратамі знаходзяцца палітычныя вязні?”—гучыць ужо традыцыйна. Гэтак, за кратамі па-ранейшаму знаходзіцца былы кандыдат на выбарах-2010 Мікола Статкевіч.
Адным з варыянтаў вырашэння дылемы сталася прапанова вылучэння самога Статкевіча.
Ідэя, праўда, адразу была адзначана за папулісцкую і не маючую шанцаў на рэалізацыю.
Другое пытанне палягала ў тым, як абраць адзінага кандыдата.
Больш за паўтары гады структуры апазіцыі спрачаліся выключна па фармаце вылучэння. Ці праводзіць кангрэс апазіцыі? Калі праводзіць, то хто будзе удзельнікам?
Сітуацыю ўскладняў фактар падзялення апазіцыі на ўнутраныя групоўкі, сярод якіх выразна вылучалася 2 цэнтры: “Народны рэферэндум” і Аб’яднаная грамадзянская партыя.
Напэўна, найбольш надзей выклікала кааліцыя “Народны рэферэндум” (Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя Грамада, Рух “За свабоду”, грамадзянская кампанія “Гавары праўду”). Структура аб’ядноўвала ў сваіх шэрагах адразу двух былых кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду (Аляксандр Мілінкевіч—2006, Уладзімір Някляеў—2010).
І калі рэйтынг Мілінкевіча складаў у сакавіку толькі 1,6 %, то Уладзімір Някляеў, нягледзячы на свае былыя выбарчыя паразы, дагэтуль застаецца самым рэйтынгавым лідарам беларускай апазіцыі. Гэтак, згодна з апошнімі дадзенымі апытанняў Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, за Някляева гатовы прагаласаваць ад 7,6 да 9,4 % выбаршчыкаў.
Тым не менш, Аляксандр Мілінкевіч апошнімі месяцамі цалкам сканцэнтраваўся на іншых выбарах, а менавіта вылучаўся на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні. І хоць рэктарам не быў абраны, яшчэ 2 красавіка 2015 г. абвесціў аб адмове ад удзелу ў выбарах. Узначальваемы ім “Рух за свабоду” адмовіўся ад магчымасці вылучэння свайго кандыдата, а таксама ад падтрымкі любога іншага (у тым ліку ад кааліцыі “Народны рэферэндум”).
“Народнаму рэферэндуму” заставалася абіраць паміж вышэйзгаданым Уладзімірам Някляевым і Таццянай Караткевіч (абодва прадстаўлялі ў кааліцыі грамадзянскую кампанію “Гавары праўду”). Размовы аб магчымым вылучэнні Караткевіч пачаліся яшчэ напрыканцы сакавіка, а 3 красавіка яе вылучэнне падтрымала Партыя БНФ.
Меркавалася, што непасрэдны кіраўнік Таццяны Караткевіч Някляеў будзе падтрымліваць яе кандыдатуру, аднак 8 красавіка Някляеў выступіў з нечаканай заявай аб выхадзе з шэрагаў “Гавары праўды” і наогул існуючых апазіцыйных структураў. Акурат за дзень да гэтага рэспубліканская рада “Гавары праўду” вырашыла вылучаць ад арганізацыі менавіта Караткевіч, а не Некляева.
19 красавіка вылучэнне Караткевіч падтрымаў апошні суб’ект кааліцыі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя Грамада.
Такім чынам, буйнейшая апазіцыйная кааліцыя падыйшла да выбараў з цалкам змененай камбінацыяй без Някляева і Мілінкевіча.
37-гадовая Караткевіч малавядомая выбаршчыку, тым не менш назваць яе пачаткоўцам у палітыцы не выпадае. Са студэнцкіх гадоў была актывісткай моладзевай арганізацыі сацыял-дэмакратычнай партыі, у 2010 годзе –сябра перадвыбарчага штабу Уладзіміра Някляева, у 2012 годзе—балатавалася ў парламент. Да прыходу ў палітыку Караткевіч выкладала псіхалогію ва ўніверсітэце і працавала ў службах сацыяльнага апекавання.
Што ж тычыцца самога Някляева, то палітык не выключае самастойнага ўдзелу ў выбарах.
І Някляеў, і Мілінкевіч растлумачылі свае крокі адсутнасцю адзінства ў апазіцыі.
Перадусім, праблемай сталася немагчымасць “Народнага рэферэндуму” прыйсці да згоды з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй (АГП) фармаце вылучэння адзінага кандыдата. АГП ужо даўно абвесціла аб вылучэнні кандыдатам свайго старшыню Анатоля Лябедзькі.
Яшчэ два суб’екты –партыя “Справядлівы свет”(былыя камуністы) і Беларуская хрысціянская дэмакратыя—не прымаюць актыўнага ўдзелу ў працэсе.
Адначасова з заявай Аляксандра Мілінкевіча ад удзелу ў выбарах у гэтым годзе адмовілася Вольга Карач, кіраўнік грамадзянскай кампаніі “Наш Дом”. Карач заявіла, што ў сённяшніх умовах татальнага ўплыву Расіі на Беларусь, перамогу можа атрымаць толькі кандыдат падтрыманы Расіяй. Яна ж, у сваю чаргу, не лічыць варыянт такой перамогі прымальнай: “цяпер сытуацыя складаецца так, што ў Беларусі можа перамагчы адзін кандыдат, але гэта не Аляксандар Лукашэнка. Гэта кандыдат, якога падтрымае Ўладзімер Пуцін… ў нас ёсьць маральныя каштоўнасьці, якія супрацьлеглыя інтарэсам Расеі. Таму ня бачу лягічным тое, што Расея можа нас падтрымаць”.
Яшчэ адна жанчына—Алена Анісім—заяўляе аб нязменнасці сваіх планаў удзельнічаць.
Пакуль аднак рана рабіць высновы, хто з вышэй пералічаных кандыдатаў зможа прайсці сіта рэгістрацыі і дайсці да выбарчшыка ў якасці зарэгістраванага кандыдата.