Выбары 2015 Тыдзень першы. Збор подпісаў
Ціск на кандыдатаў, перашкоды, рэпрэсіі.
Ужо ў першы дзень збора подпісаў у Берасці была затрымана член ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі Аліна Літвінчук. Менавіта Літвінчук везла з Менску дакументы для ініцыятыўнай групе ў рэгіёне. Падобным чынам 27 ліпеня была заблакавана праца зборшчыка подпісаў за Таццяну Караткевіч у Маладзечна. Як толькі актывіст з’явіўся на плошчы горада, ён быў затрыманы міліцыянатамі і некалькі гадзін пратрыманы ў пастарунку нібыта для “высвятлення асобы і абставінаў.”
У пятніцу 24 ліпеня грамадскі актывіст Мікалай Лусто выйшаў да будынку Цэнтральнай выбарчай камісіі з плакатам: “Навошта выбіраць? Трэба каранаваць! Не—выбарам!”. Менш чым за хвіліну актывіст быў затрыманы, быў вымушаны правесці пад арыштам усе выходныя, а ў панядзелак быў пакараны штрафам на сумму 4, 5 мільёны рублёў (каля 300 даляраў ЗША)
27 ліпеня прадстаўніца праваабарончай арганізацыі “Вясна” Таццяна Равяка звярнулася з адкрытым лістом да міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова. Паводля Равякі, мае месца сітуацыя, калі спачатку настаўнікаў уключаюць у ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі нават не пытаючыся іх дазвола, а пасля яшчэ і абавязваюць сабраць не менш за 200 подпісаў за ягонае вылучэнне кандыдатам.
Сфармаваны абласныя і раёныя выбарчыя камісіі.
На абласным узроўні апазіцыя прэтэндавала на 16 месцаў з 91 магчымых, але атрымала толькі 3. На думку ўладаў, усё лагічна. Маўляў, апазіцыя адмыслова вылучае людзей неўраўнаважаных і да таго ж з праблемамі з законамі. Таму, прызнае старшыня цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына, “аддаць” камісіі гэтым людзям было б небяспечна.
Асвятленне выбараў дзяржаўнымі СМІ.
Тэлеканал АНТ прысвяціў цэлы сюжэт Анатолю Лябедзьку, кандыдату ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Нагодай для перадачы стала прэсавая канферэнцыя кандыдата каля Мінскага трактарнага завода. Паводле журналістаў АНТ, Анатоль Лябедзька хоць і спрабуе скарыстацца цяжкай эканамічнай сітуацыяй на заводзе (МТЗ, як і іншыя гіганты беларускай прамысловасці, сур’ёзна скарачае працоўных і не можа вырашыць праблемы са сбытам прадукцыі), не здольны здабыць аўтарытэт у працоўных.
Аналагічна па Лябедзьку прайшліся журналісты газеты адміністрацыі прэзідэнта “Савецкая Беларусь”. Паводле іх, нават у параўнанні з іншымі апазіцыянерамі Лябедзька прайграе і таму наўрад ці збярэ неабходную для рэгістрацыі колькасць подпісаў.
У той жа час дзяржаўныя СМІ пішуць пра чэргі жадаючых падпісацца ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.
Збор подпісаў.
Вельмі актыўна–ў параўнанні з мінулымі выбарамі–разгортваецца кампанія за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі. Ягоная ініцыятыўная группа ў гэтым годзе складаецца з больш чым 10 тысячаў грамадзян. Для параўнання: 2006 г. – 6212 чалавек, 2010 г. – 8403. Ініцыятыўную группу ўзначальвае кіраўнік афіцыйнай федэрацыі прафсаюзаў і былы шэф БРСМ Міхаіл Орда. Напэўна, менавіта таму асноўны цяжар “рэкламнай” вулічнай працы выконваюць прадстаўнікі фэдэрацыі.
Сам Аляксандр Лукашэнка “пачаў” кампанію касавіцай з Жэрарам Дзепардзье. Францускі актор, апошнім часам публічна падтрымліваючы прэзідэнта Пуціна, падтрымаў і Лукашэнку. У каментары беларускаму тэлебачанню Дзепардзье асабіста выказаў захапленне Лукашэнкам, а апроч таго з паразуменнем паставіўся да новага беларускага падатку на дармаедства.
Сюжэт з касавіцай неаднаразова трансляваўся дзяржаўнымі СМІ Беларусі. На думку эксперта “Радыё Свабода” Юрыя Дракахруста ў выпадку з гэтым сюжэтам можна і трэба размаўляць менавіта як аб палітычнай іміджавай акцыі.
У той жа час гарадскія ўлады Менску адмовілі Таццяне Караткевіч ў правядзенне велапрабегу праз Менск, бо наўпроставая агітацыя на дадзеным этапе яшчэ забароненая.