Не патурайце дыктатарам, або Дзесяць запаведзяў дэмакрата
За апошнія чвэрць стагоддзя нашая краіна атрымала прызнанне і рэпутацыю дзяржавы, якая прасоўвае шанаванне правоў чалавека ў свеце. Пышныя афіцыйныя візіты ды няўвага да рэпрэсіўных метадаў аўтарытарных правадыроў, якую мы апошнім часам назіраем у паводзінах чэшскіх палітыкаў, не толькі супярэчаць гэтай традыцыі, але часам вядуць і да прамой ці ўскоснай падтрымкі недэмакратычных рэжымаў. Таму мы заклікаем нашых палітыкаў прытрымлівацца наступных прынцыпаў:
- Калі вы едзеце з афіцыйным візітам у краіну, дзе за крытычнае стаўленне да ўладаў грамадзянам пагражае турма, збіццё, прымусовая праца, страта маёмасці, пераслед родных, катаванні ці смерць, дзе сістэматычна фальсіфікуюцца вынікі выбараў, дзе людзьмі маніпулююць з дапамогай страху, ачмуральнай прапаганды і сістэмы прывілеяў для абраных, зрабіце шанаванне правоў чалавека адной з тэмаў свайго візіту, не ігнаруйце сур’ёзнасці сітуацыі, не хавайце рэальны стан рэчаў.
- Сустрэньцеся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, крытыкамі рэжыму, дысідэнтамі. Запатрабуйце сустрэчы з кім-небудзь з палітычных вязняў. Рабіце ўсё гэта публічна. Гаварыце пра гэта.
- Вы не наважваецеся адкрыта сустракацца з дысідэнтамі? Падыміце тэму парушэння правоў чалавека падчас сустрэчы з афіцыйнымі асобамі. Задавайце ім пытанні па канкрэтных справах палітычных вязняў.
- Памятайце, што мясцовая прапаганда будзе імкнуцца выкарыстаць любыя вашыя словы ў сваіх інтарэсах. Кожны ваш сказ можа быць вырваны з кантэксту. Выказвайцеся так, каб не рабіць рэкламу рэпрэсіўным рэжымам.
- Калі ў праграму візіту ўваходзіць камунікацыя са СМІ, настойвайце на тым, каб доступ да вас атрымалі і незалежныя журналісты і каб яны мелі магчымасць задаць свае пытанні. Знайдзіце іх і падтрымайце тым, што будзеце з імі размаўляць.
- Калі вы не можаце датрымлівацца гэтых прынцыпаў, узважце, ці варта ехаць у такую краіну з візітам на высокім узроўні.
- Не выязджайце на назіральніцтва за выбарамі без каардынацыі з вядомай міжнароднай арганізацыяй (напрыклад, АБСЕ), якая выкарыстоўвае міжнародна прызнаныя стандарты назірання. Інакш вы лёгка можаце стаць часткай гульні па легітымізацыі несправядлівых выбараў.
- Не запрашайце да нас, у краіну з нядаўнім досведам несвабоды, лідэраў, якія ўціскаюць сваіх грамадзянаў. Тым больш не рабіце ім гонару ў выглядзе чырвоных дарожак, ганаровых вартаў і іншых атрыбутаў дзяржаўных візітаў.
- Калі такі прадстаўнік усё ж прыязджае да нас, зладзьце яму прэсавую канферэнцыю і дайце чэшскім і замежным журналістам магчымасць свабодна задаваць пытанні.
- Не сцвярджайце, што сяброўствам з дыктатарамі і аўтарытарнымі правадырамі вы адчыняеце рынкі для чэшскіх фірмаў. Доказаў гэтага занадта мала. Стабільна паспяховы і ўстойлівы бізнэс мусіць засноўвацца на канкурэнтаздольнасці, а не на аднаразовых здзелках, заключаных у абмен на легітымізацыю рэпрэсіўных рэжымаў.
З пазіцыі абраных прадстаўнікоў дэмакратычнай краіны прасоўвайце каштоўнасці, якія вызначае Ўсеагульная дэкларацыя правоў чалавека і на якіх грунтуецца грамадскі лад у Еўропе. Каштоўнасці, замацаваныя ў Канстытуцыі Чэшскай Рэспублікі. Асноўныя свабоды, правы чалавека, салідарнасць. Не забывайцеся, што дыктатары і аўтарытарныя лідэры, якія выразна багацеюць і мацнеюць, актыўна спрабуюць пахіснуць веру ў дэмакратычнае кіраванне грамадствам у нашых краінах. Яны робяць гэта з дапамогай прапаганды, карупцыі, падтрымкі палітычных крайнасцяў. Адназначна заяўляць пра сваю прыхільнасць да дэмакратычных каштоўнасцяў – гэта не толькі маральная пазіцыя. Калі мы хочам захаваць у нашай частцы свету дэмакратыю, гэта вельмі стратэгічны падыход, адказнасць за які ляжыць і на вас.